Прайшла другая творчая майстэрня праекта “Перазоў стагоддзяў: 1812 – 2012”

Удзел у сустрэчы прынялі маладыя мастакі і выкладчыкі з Мінска, Віцебска, Гомеля, Магілёва, Мазыра, Маладэчна, Ашмян. Творчая майстэрня праходзіла 26-27 лістапада ў 199-ю гадавіну пераправы войскаў Напалеона праз раку Бярэзіну.

Для ўдзельнікаў праекта ў адукацыйным цэнтры Беларускага зялёнага крыжа прайшлі творчыя сустрэчы з мастаком Ягорам БАТАЛЬЁНКАМ і скульптарам Пятром ШАЦІЛА, прысвечаныя развагам пра тое, як і праз што можа мастак раскрыць абраную тэму, пра што ён можа гаварыць у сваіх творах праз тэму вайны 1812 года.

Мастакі пабывалі ў Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя І.Х.Каладзеева, дзе супрацоўнік бібліятэкі, гісторык Аляксандр БАЛЯБІН пазнаёміў іх з экспазіцыяй, прысвечанай 1812-му году і распавёў пра “Каладзееўскія чытанні”, што рэгулярна ладзяцца ў бібліятэцы.

Тэма вайны 1812 года актуальная для барысаўскай бібліятэкі не толькі з-за яе геаграфічнага знаходжання, але і таму, што названая яна ў гонар барысаўскага мецэната, прамыслоўцы, калекцыянера і краязнаўцы Івана Хрысанфавіча КАЛАДЗЕЕВА, які валодаў унікальнай, найвялікшай у свеце калекцыяй прадметаў, што маюць адносіны да падзей 1812 года. У прыватным зборы І.Х.Каладзеева было 15 тысячаў выданняў на розных мовах, мноства гравюр і літаграфій з выявамі батальных і паходных сцэнаў, партрэтаў рускіх і французскіх палкаводцаў, герояў вайны, дзяржаўных дзеячаў, пісьменнікаў, мастакоў той эпохі, а таксама планы, карты, краслюнкі, рукапісы, мундзіры, зброя і іншае.

Таксама ўдзельнікі праекта разам з экскурсаводам Тамарай МАЕЎСКАЙ і настаяцелем храма Святой Жываначальнай Троіцы, што будуецца ў Барысаве, протаіерэем айцом Георгіем наведалі Брылёўскае поле і месца пераправы войскаў Напалеона праз раку Бярэзіну ў в.Студзёнка. Тут, у памяць пра падзеі, што адбываліся ў гэтых мясцінах роўна 199 год таму, айцец Георгій адслужыў памінальную ліцію па загінулых.

Наступная творчая майстэрня пройдзе 13-15 студзеня 2012 г.

Падрабязней пра праект…

 


Творчыя майстэрні ў межах праекта “Перазоў стагоддзяў: 1812 – 2012” маюць на мэце дапамагчы маладым мастакам і скульптарам паглыбіцца ў тэму праекта і распрацаваць уласныя творчыя работы, якія потым змогуць прэтэндаваць на ўдзел у Міжнароднай выставе жывапісу, графікі і скульптуры, прысвечанай падзеям 1812 года на беларускіх землях.