АнонсыПапулярнае |
У Мінску прайшла 7-я Міжнародная канферэнцыя мастакоў-педагогаў
3 і 4 лютага 2016 г. у Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства праходзіла 7-я Міжнародная канферэнцыя мастакоў-педагогаў “Сучасная мастацкая адукацыя дзяцей і моладзі”. Удзельнікамі канферэнцыі сталі каля 100 выкладчыкаў мастацкіх школ Беларусі, Расіі, Украіны і Арменіі.
У праграме як звычайна былі прадстаўлены даклады, прысвечаныя сучаснай мастацкай адукацыі, прэзентацыі мастацкіх навучальных устаноў розных краін, розных міжнародных конкурсаў і праектаў. Новай тэмай, якая абмяркоўвалася на канферэнцыі, стала мультыплікацыя як сродак мастацкай адукацыі. Пасля кароткіх прывітанняў ад арганізатараў, Наталля Святкіна – прадстаўнік галоўнага арганізатара канферэнцыі ГА “Беларускі зялёны крыж” – прапанавала ўзгадаць выдатных педагогаў, натхняльнікаў мастацкіх студый і выхавальнікаў не аднаго пакалення творчых дзяцей, якія пайшлі з жыцця ў мінулым годзе: Алену Міхайлаўну Сідарэнка – кіраўніка брэстскай студыі “Акварэлька” і Сяргея Міхайлавіча Храпіна – заснавальніка і кіраўніка студыі “Завязь”. Першыя выступленні былі прысвечаны вынікам конкурсаў. Лідзія Ішкова коратка распавяла пра работу журы конкурсу жывапісу і графікі, пра тэматыкі, што дамінуюць у работах асобных краін, звярнула ўвагу на работы з Ірана і завяршыла свой выступ тыповымі памылкамі, якія робяць юныя мастакі ў сваіх работах. Яе расказ суправаджаўся паказам конкурсных работ. Паказ некаторых мультфільмаў пераможцаў стаў пралогам да выступу Галіны Тупікавай і Марыны Волкавай, якія падвялі вынікі конкурсу мультыплікацыі. Марына Волкава казала пра важнасць літаратурнага складніка ў мультфільме, а Галіна Тупікава звярнула ўвагу на задачы педагога ў рабоце над мультфільмам, на яго ролю як арганізатара працэса і настаўніка. Выступленне завяршылася невялікай дыскусіяй пра магчымасці і варыянты развіцця сямейных анімацыйных студый. Канферэнцыя працягнулася прэзентацыяй некалькіх міжнародных мастацкіх праектаў: Ірына Васільева з Данецка прадставіла Міжнародны дзіцячы мастацкі праект “Міру – мір!”, прадстаўнікі дзіцячай мастацкай школы г. Калінінграда распавялі пра тэматычныя міжнародныя пленэры, якія праводзяцца ў вобласці. Падчас семінара “Выкладанне акадэмічнага малюнка ў мастацкіх школах” пра свае, у тым ліку аўтарскія, падыходы распавялі Андрэй Адамчык – дырэктар і выкладчык дзіцячай школы мастацтваў №1 ім. В.К. Цвірко (Мінск, Беларусь), Сяргей Грыцына – настаўнік Магілёўскай дзіцячай школы выяўленчых мастацтваў (Беларусь) і Лідзія Ішкова – дырэктар і выкладчык Дзіцячай мастацкай школы №1 імя В.В.Фёдарава (Валгаград, Расія). Расповед суправаджаўся жывымі прыкладамі, кожны выступовец прывёз работы вучняў школы па дадзенай тэме. Сваю аўтарскую методыку навучання выяўленчаму мастацтву на прыкладзе нацюрморта прадставіла і Алена Дзічэнская – дацэнт кафедры тэорыі і методыкі эстэтычнай адукацыі Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта імя А.С. Пушкіна (Беларусь). Выкладчык мастацкага аддзялення Школы мастацтваў імя Л. Сар’яна Армен Ванцян (Ерэван, Арменія) у сваім выступе распавёў пра праблемы, з якімі сутыкаюцца выкладчыкі ў працэсе навучання мастацкай творчасці. Ён зазначыў, у прыватнасці, як важна вучыцца на прыкладах класічнага мастацтва і памятаць пра сэнсавае напаўненне работы. У завяршэнне першага дня канферэнцыі дзве школы – Дзіцячая мастацкая школа №1 імя К.К. Кастандзі (Адэса, Украіна) і Санкт-Пецярбургская дзіцячая мастацкая школа №1 (Расія), якія адзначылі свае юбілеі ў мінулым годзе, прэзентавалі сваю дзейнасць і паказалі невялікія відэапрэзентацыі. Вольга Грачова – дацэнт кафедры псіхалогіі і педагогікі БДУКМ (Мінск, Беларусь) паведаміла, што ў беларускія школы зноў вярнулі прадмет “Сусветная мастацкая культура”. Відэапрэзентацыя Дзіцячай мастацкай школы №1 імя К.К. Кастандзі Відэапрэзентацыя Санкт-Пецярбургскай дзіцячай мастацкай школы №2 Другі дзень канферэнцыі распачаўся з цікавага расповеду пра далучэнне навучэнцаў Дзіцячай мастацкай школы г. Камсамольска-на-Амуры да культурных традыцый малых народаў Прыамур’я ў працэссе навучання выяўленчаму мастацтву. Выкладчык школы Таццяна Макарава паказала работы дзяцей прадстаўнікоў малых народаў, распавяла пра некаторыя традыцыі і паказала відэа танцаў па матывах традыцый малых народаў. Своеасаблівай прэамбулай да тэмы мультыплікацыі стаў выступ Галіны Якаўцовай пра тэатр у Санкт-Пецярбургскай дзіцячай мастацкай школе №2. Яна расказала пра тое, як ствараліся лялькі, як узнікла ідэя стварыць ценевы спектакль, як ішла да яго падрыхтоўка. У завяршэнне свайго выступу Галіна Якаўцова запрасіла ўсіх наведаць выставу ценевага спектакля “Неўскія сюжэты”, якая праходзіла ў гэты ж час у галерэі “Прырода і творчасць” Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. Асноўная частка праграмы ў гэты дзень уключала майстар-клас па стварэнні мультфільмаў, які праводзіла Галіна Тупікава. Напрацягу дзвюх гадзін яна паказвала розныя прыклады мультфільмаў, створаных дзецьмі і выкладчыкамі мастацкіх школ, гаварыла пра асаблівасці такой работы, пра інструменты неабходныя для стварэння мультфільма, як тэхнічныя, так і мастацкія. Асноўным жа прыкладам стаў мультфільм, створаны падчас майстар-класа двума ўдзельнікамі канферэнцыі – Сяргеем Галушкіным (Гомель, Беларусь) і Віктарам Яшчэняй (Расія). Для работы ім спатрэбіліся ліст паперы, пэндзаль, фарбы, маленькі штатыў і фотаапарат. Завяршыў канферэнцыю сумесны выступ Галіны Раманавай і Ігара Волчыка пра работу прафесійных мастакоў-мультыплікатараў нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” і стварэнне мультфільмаў “Ронда-капрычоза” і “Дурная пані і “разымны” пан”. Удзельнікі канферэнцыі аднесліся да тэмы мультыплікацыіз вялікім энтузіазмам і выказалі жаданне паспрабаваць развіваць гэты напрамак у сваіх школах. У цэлым жа канферэнцыя, як звычайна, была ўспрынята з вялікім захапленнем, удзельнікі адзначылі, што за два дні актыўнай работы ў іх з’явілася шмат творчых ідэй, якія б яны хацелі ўвасобіць у сваёй рабоце. У бліжэйшы час на нашым сайце з’явяцца матэрыялы па выніках канферэнцыі. |