АнонсыПапулярнае |
Падарункі на Святога Мікалая19 снежня акурат у дзень Св. Мікалая адбыўся фінальны занятак з праграмы “Калядная зорка”. Як і мае быць у гэты дзень усіх удзельнікаў чакалі падарункі і сюрпрызы. Першым падарункам і вялікім і маленькім стаў доўгачаканы батлеечны спектакль “Цар Ірад”. Хаця акцёраў-батлеечнікаў было ўсяго двое, прыняць удзел у спектаклі змаглі ўсе. Малышам раздалі музычныя інструменты, паказалі што, калі і як павінна гучаць, а дарослыя склалі “хор” і разам прамаўлялі агульны тэкст. Прадстаўленне захапіла ўсіх – дзеці і дарослыя з цікавасцю сачылі за сюжэтам, суперажывалі героям і смяяліся. Наступным пасля спектакля падарункам былі керамічныя зоркі, якія ўдзельнікі рабілі цягам двух папярэдніх заняткаў і якія пасля ўсіх абпалаў нарэшце вярнуліся да сваіх творцаў. Гэтыя ж зоркі сталі ўзорам для далейшай творчай працы. Ганна Выгонная, працягваючы знаёміць удзельнікаў з рознымі мастацкімі прыёмамі, прапанавала спачатку стварыць на аркушы паперы розныя фактуры пастэльнымі мялкамі і алоўкамі, а пасля паспрабаваць намаляваць зоркі фактурамі, прыняўшы як узор керамічную зорку. Усё гэта было падрыхтоўкай да афармлення святочнага канверта, у які ўдзельнікі змаглі пакласці свой трэці падарунак – невялічкія паштоўкі, на якіх былі выяўлены творы майстроў Адраджэння – Джота, Пітэра Брэйгеля, Лука делла Роббіа. Падчас работы адна з мам нагадала, чаму менавіта ў гэты дзень – дзень Святога Мікалая – прынята дарыць падарункі, і распавяла легенду пра тое, як Мікалай таемна падкідваў гаманцы з залатымі манетамі аднаму беднаму старому, каб той змог выдаць замуж сваіх дачок. Тэму паштовак, распачатую Ганнай Альбертаўнай, працягнула супрацоўніца арганізацыі Людміла Скакун і распавяла трошкі пра калядныя паштовыя карткі – калі яны з’явіліся, як выглядалі, як змяняліся з цягам часу. У завяршэнне праграмы Ганна Альбертаўна прапанавала паглядзець невялікі фільм пра механічныя Батлейкі, якія стваралі польскія і чэшскія майстры напрыканцы ХІХ – напачатку ХХ ст. Гледачы былі вельмі здзіўлены майстэрствам іх творцаў і пацікавіліся, ці ствараліся падобныя Батлейкі на Беларусі. На жаль, па словах Ганны Выгоннай, у Беларусі не захавалася ніводнага ўзора такой Батлейкі, таксама як і традыцыі іх стварэння. Вечар скончыўся сяброўскай размовай за гарбатай, абменам уражаннямі і абмеркаваннем планаў на будучыню. Спадзяемся, што такія заняткі працягнуцца і ў наступным годзе і прыцягнуць яшчэ больш цікавых і цікаўных людзей. |