АнонсыПапулярнае |
Зоркі напярэдадні зімы
Ганна Выгонная, якая праводзіць ужо не першую сустрэчу, на гэты раз трохі змяніла кампазіцыю занятка. Для пачатку, каб сабраць усіх за адным творчым сталом, было прапанавана дапрацаваць свае зоркі – пакрыць іх палівай розных колераў. Але перш чым пачаць працаваць кожны змог патрымаць у руках старую кафлю, знойдзеную падчас работ у Гальшанскім замку, разгледзець малюнкі на ей, паліву, з якой працавалі старадаўнія майстры. Ганна Альбертаўна на слайдах паказала працэс рэканструкцыі кафлі з кавалкаў і далейшай рэканструкцыі цэлых кафляных печак. Пасля гэтага невялічкага ўступа ўсе нарэшце ўзяліся за пэндзлікі. Ганна Альбертаўна паказала, якія ёсць палівы, а іх аказалася даволі шмат розных колераў, распавяла пра асаблівасці работы з імі, таксама паказала некаторыя мастацкія прыёмы, дзякуючы якім паліваная кераміка становіцца цікавейшай і прыгажэйшай. Падчас афармлення зорак усе зразумелі асноўную складанасць работы з палівай – падбор колераў і “фарбаванне” адбываецца практычна ўсляпую, бо неабпаленая паліва па колеры не адпавядае абпаленай, таму маляваць трэба перш за ўсё ва ўяўленні, а толькі пасля на гліняным вырабе. Пакрыўшы палівай усе свае зоркі, удзельнікі падзяліліся – дзеці накіраваліся з Аллай Бяляўскай узгадваць і развучваць калядныя вершы і песні, а дарослыя засталіся, каб больш даведацца пра італьянскую маёліку – калі яна з’явілася, якія яе асаблівасці, пазнаёміцца з працамі Лука делла Роббіа – італьянскага скульптара эпохі Адраджэння, што вынайшаў белую паліву на аснове волава, дзякуючы якой яго маёліка нагадвала мармуровыя скульптуры. Абмеркаваўшы работы делла Роббія, удзельнікі зноў звярнуліся да творчасці Пітэра Брэйгела, а менавіта да карціны “Бойка Масленіцы і Паста”, бо гэты твор як, напэўна, ніякі іншы, добра адлюстроўвае адну з неад’емных частак культуры сярэднявечча і Адраджэння – карнавал – час, калі ўсе станавіліся роўнымі, калі смех над сабой і наваколлем дазваляў скінуць з сябе ўмоўнасці штодзённага жыцця. У кантэксце карнавала былі ўзгаданы і беларускія калядныя традыцыі з пераапрананнем, маскамі, гульнямі і забавамі, і абавязкова лялечным тэатрам “Батлейка”. Ганна Альбертаўна гэтым разам паказала лялькі для рэканструяванага “Ельнінскага вертэпа”, а дзеці і дарослыя паразважалі пра характары герояў і паспрабавалі падабраць ім галасы. “Хатнім заданнем” для кожнага стала папрацаваць над галасамі для некалькіх персанажаў, так, каб яны былі непадобныя адзін да другога, бо, як вядома, добры батлейшчык мог адзін сыграць увесь спектакль і ўсе інтэрмедыі, а значыць павінен быў ўмець размаўляць больш як дваццацю галасамі. Наступная сутрэча – апошняя ў гэтым годзе – прызначана на 19 снежня – дзень Св. Мікалая. У гэты дзень кожны зможа атрымаць сваю керамічную паліваную калядную зорку і пазнаёміцца з традыцыяй калядных і навагодніх паштовак. |