Адкрылася другая частка выніковай VI Міжнароднай выставы “На сваёй зямлі”

Адкрыццё выставы адбылося 28 красавіка ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”. Па выніках VI Міжнароднага конкурсу жывапісу і графікі “На сваёй зямлі” ў экспазіцыю ўвайшло 432 работы з 17 краін.

 

У дзень адкрыцця выставы адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу. Юных мастакоў і іх педагогаў павіншавалі сябры журы: мастак Леанід Гоманаў, мастак-графік, загадчык кафедры графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Юрый Хілько і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай акадэміі культуры і мастацтваў Леанід Несцераў, які прыехаў на цырымонію з Масквы.

Ад асобы прэзідэнта Міжнароднай акадэміі культуры і мастацтваў, мастака Пятра Стронскага, Леанід Несцераў узнагародзіў медалём “У імя Жыцця на Зямлі” выкладчыцу кампазіцыя дзіцячай мастацкай школы г.Слуцка Гунэфу Мацюшэнкаву. Такое рашэнне было прынята акадэміяй пасля знаёмства з выставай творчых работ яе вучняў, што праходзіла ў Мінску падчас ІІ Міжнароднай канферэнцыі мастакоў-педагогаў “Сучасная мастацкая адукацыя дзяцей і моладзі”.

Адкрыццё выставы таксама наведала намеснік выканаўчага дырэктара фонда Леаніда Кучмы “Україна” па гуманітарных пытаннях Таццяна Мельнік. Яе візіт быў звязаны з падрыхтоўкай выставы “На сваёй зямлі” ў Кіеве, якая мусіць адкрыцца ў залах фонда ў маі.

Выстава будзе доўжыцца да 30 красавіка ў галерее Рэспубліканскага экалагічнага цэнтра дзяцей і юнацтва і да 14 мая ў  мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”.

 


Арганізатары конкурса шчыра дзякуюць Мінскаму Міжнароднаму жаночаму клубу за медалі, а таксама Амбасадам Рэспублікі Казахстан, Кыргызскай Рэспубліцы і Эстоніі за падарункі для пераможцаў конкурсу.