Рукатворныя зоркі пад Раство

14 лістапада 2015 г. у адукацыйным цэнтры ГА "Беларускі зялёны крыж" працягнуўся цыкл перадкалядных заняткаў "Калядная зорка".

Як і ў папярэдні раз асноўную праграму праводзіла мастак-рэстаўратар Ганна Выгонная. Па склаўшайся ўжо традыцыі занятак пачаўся з тэарэтычнай часткі. Удзельнікі ўзгадалі тое-сёе з папярэдняй сустрэчы – у чым быў мастацкі прарыў эпохі Адраджэння, чым адрозніваецца італьянскае Адраджэнне ад паўночнага; паспрабавалі пазнаць руку Эль Грэка, Пітэра Брэйгеля, іншых мастакоў Адраджэння на паштоўках, прапанаваных Ганнай Альбертаўнай; абмеркавалі крыху творчасць Рубенса і Рэмбранта. У гэтай частцы праграмы ўдзельнічалі ў асноўным дарослыя, хаця тэмай зацікавіліся і некаторыя дзеці, што прыехалі разам з бацькамі. Асноўная частка дзяцей займалася лепкай навагодніх фігур з каляровага цеста.

Пасля невялікага перапынку на гарбату ўдзельнікі перайшлі да стварэння ўласных керамічных зорак. На сталах было ўсё неабходнае для працы – мяккая гліна (з-пад Крэва), формы для зорак, гузікі і дэкаратыўная тканіна для фактур. Знаёмства з матэрыялам праходзіла пад невялікі каментар псіхолага Дзіны Панятоўскай пра тэрапеўтычныя ўласцівасці гліны. Яна распавяла пра тое, што работа з глінай дае магчымасць навучыцца кіраваць сабой, сваімі эмоцыямі, а таксама фарміраваць энергіі збірання, накаплення, утрымання і расслаблення.

Папярэднія практыкаванні дапамаглі і дарослым, і дзецям сканцэнтравацца на далейшай рабоце з формай і фактурай. Добра праціснуўшы гліну ў форму, каб прарысаваліся ўсе дэталі зоркі, акуратна дастаўшы атрыманы медальён, і дэкараваўшы яго гузікавымі фактурамі, кожны стварыў па два, тры і нават чатыры калядных сувеніра. Да наступнага занятка медальёны высахнуць, будуць абпалены і падрыхтаваны да далейшай работы.

Скончыўся занятак тэатрам "Батлейка" і каляднымі канонамі. Пакуль дарослыя абмяркоўвалі традыцыйны тэатр, магчымасць зрабіць лялькі і куфар для тэатра, дзеці спрабавалі сябе ў ролі батлейшчыкаў – кіравалі лялькамі, прагаворвалі словы на розныя галасы. У завяршэнне вечара ўсе, хто сабраўся, спелі калядную песню "Добры вечар тому".

Усе ўдзельнікі праграмы засталіся задаволены сабой і сваёй працай. Наступны занятак плануецца праз два тыдні і, як абяцае Ганна Выгонная, будзе не менш цікавым і насычаным, чым папярэднія.

Глядзець фотарэпартаж