АнонсыПапулярнае |
У адукацыйным цэнтры ГА “Беларускі зялёны крыж” пачалі рыхтавацца да Раства
Як і належыць па традыцыі сустрэча была вячэрняй. Яе галоўнай задачай было нагадаць пра тое, як успрымалі Раство раней, як рыхтаваліся да яго, з якімі пачуццямі яго сустракалі. Праграма ў большай ступені была арыентавана на дарослых і складалася з дзвюх частак – мастацка-пракладной і літаратурнай. Мастацкую частку праводзіла рэстаўратар Ганна Выгонная, літаратурную – рэжысёр Таццяна Шылава. Пачалося ўсё з расказа Ганны Альбертаўны пра сімволіку каляднай зоркі, які суправаджаўся паказам асноўных калядных сюжэтаў і кароткім аналізам работ некаторых мастакоў эпохі Адраджэння. Дзякуючы такому змястоўнаму выступленню, удзельнікі не толькі адчулі значнасць Раства як свята і зоркі як яго сімвала, але і больш даведаліся пра творчасць Джота, Эль Грэка, Фра Анджэліка, Пітэра Брэйгеля, Рагіра ван дэр Вэйдэна і ўбачылі, як адрознівалася стылістыка Адраджэння ў розных краінах і ў розны час. Далей расповед перамяжаўся з творчай работай – удзельнікі пачалі ствараць уласныя калядныя зоркі. Першым этапам стаў выраб асновы. Дарослыя і дзеці пры дапамозе фарбаў і пэндзляў імкнуліся надаць паперы аксамітна-вохрыстае адценне, закрануўшы азы колеразнаўства, змешвалі фарбы і спрабавалі розныя фактуры, каб надаць сваёй аснове загадкавае зіхаценне. Пакуль папера падсыхала Ганна Альбертаўна працягнула свой расповед, пасля чаго прапанавала скласці ўласную зорку, выразаўшы элементы для яе з падрыхтаванай асновы і, рознакаляровай паперы, фальгі і фанцікаў. Працэс настолькі захапіў удзельнікаў, што на працяг расказа часу ўжо не засталося і ўсе паспелі толькі склеіць свае зоркі і павесіць іх на стылізаваную “калядную елку” у адукацыйным цэнтры. Пасля невялікага перапынку ўсе перамясціліся ў бібліятэку цэнтра, дзе Таццяна Шылава працягнула размову пра “Калядную зорку”, але ўжо не ў мастацтве, а ў літаратуры. Пад музыку ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя гучалі вершы паэтаў Срэбранага века, цэнтральным вобразам якіх былі Раство і Калядная зорка. Асобнае месца ў размове занялі вершы Іосіфа Бродскага, які цягам многіх гадоў напярэдадні Раства пісаў калядны верш, дзе абавязкова была зорка, якая назірала за тым, што адбываецца на зямлі, якую бачылі тыя, хто на зямлі жыве, і толькі немаўля, што нарадзілася ў тою ноч, разумела, што гэта за зорка. Сустрэча скончылася, калі на небе ўжо свяцілі пакуль яшчэ не калядныя зоркі. За тры з паловай гадзіны ўсе, хто прыехаў, змаглі апынуцца ў атмасферы казкі і прадчування свята. Праграмы такога кшталту будуць працягвацца, і, будзем спадзявацца, прывабяць да сябе новых творчых і цікаўных людзей. Сачыце за інфармацыя на сайце. Наступная сустрэча ўжо хутка! |