АнонсыПапулярнае |
“Птушкі з Райскага сада” заляцелі пад Смалявічы
Асноўнымі ўдзельнікамі праграмы сталі дзеці 6-8 гадоў, з большага вучні першага класа ДУА “Сярэдняя школа №8 г. Жодзіна”, і іх бацькі. Праграма пачалася са знаёмства з цэнтрам і яго дзейнасцю. Дзецям паказалі як адбываецца працэс рэгістрацыі работ, якія штогод прыходзяць з усяго свету на Міжнародны конкурс жывапісу і графікі “На сваёй зямлі”, і дзе ў цэнтры нараджаюцца мультфільмы. Пасля экскурсіі ўсе накіраваліся ў сталовую, дзе павінна была праходзіць першая частка праграмы – кулінарны майстар-клас з шэф-поварам цэнтра Людмілай Ермачонак. За 40 хвілін дзеці пад кіраўніцтвам Людмілы Мікалаеўны пры дапамозе бацькоў і класнага кіраўніка сфармавалі некалькі проціўняў булачак у выглядзе птушак і крэндзялькоў. Пакуль вынікі дзіцячай кулінарнай творчасці выпекаліся да вячэрняй гарбаты, дзеці, падзяліўшыся на дзве групы, выправіліся пазнаваць свет далей. Сябра арганізацыі арнітолаг Сяргей Няхайчык правёў дзецям экскурсію па тэрыторыі цэнтра і распавёў пра хатніх і дзікіх птушак, якія тут жывуць. Дзеці не проста слухалі, але назіралі за паводзінамі птушак у біноклі. Нават залева, з-за якой прыйшлося хавацца пад навес, не перашкодзіла захапляльнай эксурсіі. Пасля пазнавальнай прагулкі дзеці накіраваліся афармляць “Райскі сад” і птушак, якія там жывуць. Перш чым перайсці да прыкладной часткі, рэстаўратар Ганна Выгонная распавяла пра тое, што такое “Райскі сад”. Узгадаўшы розныя тэорыі, Ганна Альбертаўна больш падрабязна спынілася на той, згодна якой райскім дрэвам лічыцца вінаград. Трохі пазней, падчас творчай часткі занятка, кіруючыся указаннямі і тлумачэннямі Ганны Альбертаўны, дзеці і бацькі стваралі ўласную гронку вінаграда з драўлянай нарыхтоўкі, карыстаючыся фарбамі і контурамі. Папрацаваўшы над вінаградам, удзельнікі перайшлі да роспісі жыхароў “Райскага сада” – простыя гліняныя птушачкі ў руках удзельнікаў праграмы пераўтварыліся ў яркіх райскіх птушак. Пакуль работы дзяцей і бацькоў падсыхалі на “Райскім дрэве”, зробленым у цэнтры, усе ўдзельнікі праграмы ласаваліся цёплымі булачкамі, дзяліліся ўражаннямі і фатаграфаваліся са сваімі вырабамі. Раз’язджаліся ўсе ў добрым настроі, з новымі ведамі і ўласнаручна зробленымі сувенірамі. Праграмы такога кшталту будуць працягвацца, і, будзем спадзявацца, прывабяць да сябе новых творчых і цікаўных людзей. |