Дзень “На сваёй зямлі”

15 красавіка было цалкам прысвечана Х Міжнароднаму конкурсу жывапісу і графікі “На сваёй зямлі”. У гэты дзень адкрылася выніковая выстава конкурса, прайшло ўрачыстае ўзнагароджванне дыпламантаў, а таксама сустрэчы мастакоў і педагогаў, абмен вопытам і абмеркаванне планаў.

 

Як і ў папярэднія гады выстава размясцілася на дзвюх пляцоўках. Адпаведна, і адкрыццё праходзіла ў два этапы. Тая частка, што размясцілася ў галерэі “Прырода і творчасць” Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, была адкрыта ў поўдзень. Тут жа адбылася дыскусія мастакоў-педагогаў, арганізатараў і членаў журы конкурса, падчас якой былі падведзены вынікі работы конкурса, абмеркаваны планы на будучыню, у прыватнасці, патэнцыял новага конкурса мультыплікацыі. Таксама была выказана ідэя, што конкурс “На сваёй зямлі” і ўсе мерыпрыемствы, што праводзяцца ў яго межах, павінны лепш асвятляцца, варта прыцягваць большую ўвагу грамадскасці да дзіцячай, у тым ліку экалагічнай, творчасці, бо сам конкурс з’яўляецца вельмі цікавай з’явай у культурным жыцці краіны, а таксама добрай пляцоўкай для абмена вопытам і падтрымкі маладых талентаў.

Другая частка выставы размясцілася ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”. Сюды ж перамясціўся цэнтр увагі ў другой палове дня. Пачалося мерапрыемства з дзіцячага спектакля “Сякрэт Куркі Рабы” у выкананні ўзорнага тэатра-студыі “Класс-А!” (рэж. Таццяна Шылава). Трэба зазначыць, што ўсе акцёры тэатра таксама дзеці, якія ў задорнай і нават хуліганскай манеры, паспрабавалі разабрацца, у чым жа сэнс гэтай казкі, якую ўсе ведаюць з малых гадоў. Пасля спектакля прысутныя маглі агледзець выставу пад музыку ў выкананні Вольгі Шырынавай (флейта) і Андрэя Еўдакімава (гітара). А 16.00 пачалася ўрачыстая частка, падчас якой прывітальнае слова сказаў дырэктар ГА “Беларускі зялёны крыж” Уладзімір Шаўцоў, начальнік аддзела інфармацыі і сувязей з грамадскасцю Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Таццяна Еўдасёва, якая да таго ж уручыла спецыяльныя дыпломы і прызы аўтарам работ на экалагічную тэматыку, старшыня Мінскага міжнароднага жаночага клуба жонак паслоў жонка пасла Індыі ў Рэспубліцы Беларусь Анаміка Бхарці, якая адзначыла даўняе супрацоўніцтва Клуба з арганізатарамі конкурса і выказала захапленне работамі, прадстаўленымі на выставе, прадкрэсліўшы, што ўсе дзеці таленавітыя ад нараджэння. Ва ўзнагароджванні таксама прынялі ўдзел старшыня журы конкурса Леанід Гоманаў і сябра Мінскага міжнароднага жаночага клуба жонак паслоў жонка пасланніка Грузіі Кацярына Хурцыдзэ. Падчас урачыстага ўзнагароджвання, дыпламантам былі ўручаны медалі, дыпломы і падарункі, якія, як спадзяюцца арганізатары, паспрыяюць далейшаму, плённаму развіццю іх талента.

Пабачыць выставу можа любы жадаючы ў галерэі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства (вул. Макаёнка, 8) да 9 траўня з 10.00 да 17.00 у любы дзень акрамя нядзелі, у галерэі “Універсітэт культуры” (Кастрычніцкая пл., 1) да 25 красавіка з 11.00 да 19.00. Уваход вольны.

Глядзець фотарэпартаж