АнонсыПапулярнае |
«Перазоў стагоддзяў: 1914 – 2014»: удзельнікі праекта абмеркавалі эскізы работ
Шмат хто з удзельнікаў пленэру вырашыў раскрыць тэму праз пейзаж – сімвалічны альбо гістарычны. Калі казаць пра канкрэтныя мясціны, то на эскізах можна было пабачыць Крэва, Магілёўскую ратушу, Свята-Нікольскі манастыр. Менавіта так вырашалі свае работы беларускія мастакі. А вось удзельнікі праекта з Санкт-Пецярбургу даслалі эскізы сюжэтных кампазіцый. І дасведчаныя, і маладыя мастакі прынялі актыўны ўдзел у абмеркаванні прапанаваных эскізаў. Як вобразна адзначыў мастацкі кіраўнік праекта Дзмітрый ПУХОЎСКІ, «атмасфера пры абмеркаванні была не крытычная, а сутворчая». Сапраўдным падарункам для маладых мастакоў стаў майстар-клас Пятра ШАЦІЛЫ, мастака-скульптара, заўсёднага ўдзельніка праектаў Беларускага зялёнага крыжа. на прыкладзе сваіх работ ён паказаў паслядоўнасць нараджэння кампазіцыі пейзажа, ад фатаграфіі канкрэтнай мясціны і да канцавога эскіза. Пошук матыву, эцюды, алоўкавыя замалёўкі варыянтаў кампазіцыйнага вырашэння, распрацоўка каларыстычнага строю будучага твора – кожны з гэтых этапаў Пётр Дзмітравіч выдатна пракаментаваў, дазволіўшы зазірнуць у сваю творчую лабараторыю. Вечар пасля абмеркавання эскізаў быў прысвечаны музыцы і літаратуры. Таццяна ШЫЛАВА – кіраўнік тэатра-студыі «Клас-А» – прывезла ўдзельнікам праекта чарговы музычна-паэтычны падарунак: пад акампанемент скрыпкі і віяланчэлі прагучалі апавяданні і вершы Багдановіча, Гарэцкага, Крукава, Блока, Севяраніна, Маякоўскага. На наступны дзень натхнённыя мяккай і канструктыўнай крытыкай калег, роздумамі пра вайну класікаў беларускай і рускай літаратуры ўдзельнікі праекта раз'ехаліся, каб завершыць свае творчыя работы. Іх мастакі павінны будуць прадставіць журы да 1 красавіка 2014 года.
ЖАДАЕМ УДЗЕЛЬНІКАМ ПРАЕКТА НАТХНЕННЯ І РАДАСЦІ Ў ПРАЦЫ! |