АнонсыПапулярнае |
Давайце знаёміцца: гурток «Станковая графіка» (Мінск)
Гурток адкрыўся ў Мінску ў 2007 годзе. Яго наведваюць дзеці ад 5 год і творчая моладзь да З0 год. На занятках яны асвойваюць тэхніку лінагравюры, манатыпіі і альтэрнатыўныя тэхнікі графікі. Студэнты мастацкіх навучальных установаў у гуртку маюць магчымасць перавесці ў матэрыял свае творчыя працы, вучэбныя заданні, папрацаваць над копіяй добрага твора, уявіць і адчуць спецыфіку працы мастака-графіка. Для моладзі, што не займаецца мастацтвам прафесійна, гурток адкрывае багаты свет выяўленчага мастацтва ўвогуле. Маладыя людзі робяць уласныя творчыя працы і спрабуюць выразаць іх у тэхніцы лінагравюры. Яны таксама знаёмяцца з гісторыяй мастацтва, тутэйшымі і замежнымі мастакамі: класікамі і сучаснікамі, графікамі і тымі, хто працуе ў іншых відах выяўленчага мастацтва. Дзеці ж на занятках больш за ўсё захопленыя тэхналагічным працэсам працы: шліфоўка лінолеума, праца разцамі, друк адбіткаў – такі досвед не набудзеш самастойна дома альбо на ўроках у школе. Хлопчыкам асабліва падабаецца, што працэс працы разцамі патрабуе і пэўных фізічных намаганняў. Правесці лінію алоўкам і выразаць яе на лінолеўме – розныя рэчы! Аб’ядноўвае ўсе ўзросты вялікая цікавасць да выніка працы. На пачатку вучобы ён падаецца непрадказальным і ў працэсе працы не відаць. І толькі пры друку адбітка можна ўбачыць тое, над чым так натхнёна працаваў! Гурткоўцы актыўна і плённа ўдзельнічаюць у выставах і конкурсах у Беларусі і за межамі. Творы, зробленыя ў гуртку, экспанаваліся ў Расіі, Украіне, Польшчы, Славакіі, Францыі і Чэхіі.
|