АнонсыПапулярнае |
Прайшла першая творчая майстэрня праекта «Перазоў стагоддзяў: 1914 – 2014»
Які б таленавіты ня быў мастак, наўрад ці ён здолее стварыць добрую работу на тэму, якую ён не прадумаў, не адчуў, "не пражыў". Творчыя майстэрні праекта «Перазоў стагоддзяў» праводзяцца менавіта для таго, каб удзельнікам было лягчэй падступіцца да такой маштабнай, складанай і супярэчлівай тэмы, як Першая сусветная вайна. Гісторыя, літаратура і мастацтва дапамагаюць намацаць рытм тых падзеяў, пабуджаюць да роздумаў, падказваюць магчымыя сюжэты і ідэі, натхняюць на творчасць. Для ўдзельнікаў творчай майстэрні былі арганізаваныя дзве лекцыі, прысвечаныя Першай сусветнай вайне. Лекцыя гісторыка Аляксандра ГРОНСКАГА была прысвечана самому паняццю «імперыя», а таксама некаторым яскравым персаналіям, чые імёны цесна звязаныя з падзеямі вайны. Другі госць – журналіст і фатограф Уладзімір БАГДАНАЎ – распавёў пра матэрыяльную спадчыну Першай сусветнай вайны, што засталася на землях Беларусі. Са шматлікімі матэрыяламі, якія ён назбіраў падчас вандровак і экспедыцый, можна пазнаёміцца на сайце «Глобус Беларусі». Таксама ўдзельнікі сустрэчы сталі гледачамі літаратурна-музычнага спектакля «Пра каханне і разлукі», што створаны на паэтычных творах Срэбнага стагоддзя. Асноўны ж час мастакі праводзілі за пісаннем эцюдаў, стварэннем накідаў і эскізаў, праца над якімі дапамагала засярэдзіцца на тэме і шукаць ідэі для ўласных творчых работ. |