8-я Міжнародная выстава «На сваёй зямлі» адкрылася 18 красавіка ў Мінску

Сёлета ў экспазіцыю выставы ўвайшлі 308 твораў з 18 краін – Балгарыі, Беларусі, Германіі, Грузіі, Інданэзіі, Індыі, Ірана, Казахстана, Кітая, Латвіі, Малайзіі, Польшчы, Расіі, Сербіі, Славеніі, Таіланда, Турцыі, Украіны. Па традыцыі работы размесціліся ў выставачных залах мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» і Рэспубліканскага эколага-біялагічнага цэнтра.

Зранку прайшло ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу – на цырымонію са шматлікіх мастацкіх школ і студый Беларусі прыехалі юныя мастакі са сваімі педагогамі. Некаторыя педагогі кажуць, што зазвычай прывозяць і тых сваіх гадаванцаў, што не ўдзельнічалі ў конкурсе, каб паглядзелі экспазіцыю. Для іх гэта яскравыя ўражанні і добры мастацкі досвед.

Медалі і дыпломы пераможцам уручаў старшыня журы мастак Леанід ГОМАНАЎ. Дзесяць спецыяльных дыпломаў «За творчае увасабленне хараства роднай прыроды» падрыхтавала для ўдзельнікаў конкурсу Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. Таксама дзеці атрымалі падарункі ад Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Мінску, Культурнага прадстаўніцтва Амбасады Ісламскай рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь, ТАА «Палітра».  Сюрпрызам для ўдзельнікаў цырымоніі былі падарункі ад выдавецтва Марыны Волкавай  (Чалябінск), якое падрыхтавала для дзетак кніжачкі-раскладушкі  «Разноцветно про котов» з работамі пераможцаў Міжнароднага конкурсу жывапісу і графікі «На сваёй зямлі» ў якасці ілюстрацый.

Юных мастакоў завіталі павіншаць са святам музычна-вандроўны аркестрык Vuraj і эксперыментальны тэатр «Eye».

Адкрыццё другой часткі экспазіцыі ў галерэі «Універсітэт культуры» таксама было шматлюдным – поўна было і дзяцей, і дарослых, што прыйшлі падзівіцца на шчырыя дзіцячыя думкі, увасобленыя ў фарбах. Гасцей выставы віталі старшыня аргкамітэта конкурсу і дырэктар Беларускага зялёнага крыжа Уладзімір ШАЎЦОЎ і дырэктар Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Мінску Віктар МАЛАШЭНКА. Таксама выставу наведалі прадстаўнікі амбасадаў Грузіі, Індыі, Ірана, Расіі, Сербіі.

Глядзець фотарэпартаж

Выстава будзе працаваць да 4 траўня ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» і да 19 траўня ў Рэспубліканскім эколага-біялагічным цэнтры.

ВІНШУЕМ ПЕРАМОЖЦАЎ КОНКУРСУ
І ЗАПРАШАЕМ УСІХ НАВЕДАЦЬ ЭКСПАЗІЦЫЮ!

 

 


Шчыра дзякуем Мінскаму міжнароднаму жаночаму клубу за медалі, а таксама Расійскаму цэнтру навукі і культуры ў Мінску, Культурнаму прадстаўніцтву Амбасады Ісламскай рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь, ТАА «Палітра» і выдавецтву Марыны Волкавай за падарункі для пераможцаў конкурсу.