Адбылася працоўная сустрэча оргкамітэта конкурса "На сваёй зямлі"

Прадстаўнікі оргкамітэта Міжнароднага конкурсу жывапісу і графікі "На сваёй зямлі" і члены журы конкурсу з Беларусі сустрэліся 16 лістапада ў адукацыйным цэнтры Беларускага зялёнага крыжа, каб абмеркаваць пытанні, што тычацца работы журы.

Падчас сустрэчы было зацверджана палажэнне аб рабоце журы, у якім абумоўлены парадак фарміравання і склад журы, функцыі, механізм галасавання, а таксама сфармуляваны асноўныя крытэры ацэнкі конкурсных работ:

  • Паўната раскрыцця аўтарскай задумкі.
  • Арыгінальнасць кампазіцыйнага рашэння.
  • Каларыстычнае рашэнне.
  • Узровень валодання малюнкам, перспектывай, дэкаратыўнасцю (для старэйшых узроставых груп).
  • Ярка выражаная індывідуальнасць.
  • Самастойнасць выканання работы.

Таксама было ўзнята пытанне аб плагіяце, паколькі некалькі падобных выпадкаў было зафіксавана на конкурсе.

Ацэньваючы конкурсныя работы, мы звяртаем на гэтую праблему асаблівую ўвагу, бо па ўмовах конкурсу работа мусіць быць творчай і самастойнай, – каментуе праблему старшыня журы Леанід ГОМАНАЎ. – Але, на жаль, не заўсёды атрымліваецца выявіць плагіят на стадыі работы журы – часта капіруюцца работы малавядомых мастакоў альбо нават дзіцячыя работы, што сталі пераможцамі ў іншых міжнародных конкурсах. Таму мы вырашылі вынесці праблему плагіяту на абмеркаванне падчас Міжнароднай канферэнцыі мастакоў-педагогаў, што пройдзе ў лютым 2012 г. Запазычаная работа, што патрапіла ў спіс пераможцаў, моцна кампраметуе і конкурс, і арганізатараў, і журы. Аднак болей за ўсё такія выпадкі адбіваюцца на рэпутацыі школы і педагога, пад кіраўніцтвам якога выконваліся такія работы.

Работа журы VII Міжнароднага конкурсу жывапісу і графікі "На сваёй зямлі" будзе праходзіць з 3 па 7 лютага 2012 г. у адукацыйным цэнтры Беларускага зялёнага крыжа. Пазнаёміцца са складам журы можна тут.