Упершыню ў межах праекта "На сваёй зямлі" прайшоў пленэр для мастакоў-педагогаў

У пленэры, што праходзіў 22-27 жніўня ў адукацыйна-аздараўленчым цэнтры Беларускага зялёнага крыжа, прынялі ўдзел 14 педагогаў з мастацкіх школ і студый Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай вобласцей Беларусі.

Удзельнікі атрымалі магчымасць на працягу тыдня забыцца на тое, што яны педагогі, і цалкам акунуцца ў творчы працэс. Літаратурна-музычныя гасціныя, сустрэчы і экскурсіі падтрымлівалі творчую атмасферу пленэра.

Па словах каардынатара праекта "На сваёй зямлі" Наталлі Святкінай, ідэя праводзіць летнія пленэры не толькі для дзяцей, але і для педагогаў вітала ў паветры ўжо даўно, бо для педагога вельмі важна самому заставацца мастаком. На гэтую думку натхніў прыклад Омскай вобласці і Башкартастана, дзе штогадовы ўдзел у пленэрах – школьных, гарадскіх, рэгіянальных – для педагогаў з’яўляецца абавязковым. Пакуль удзельнікамі пленэра сталі толькі беларускія педагогі, але ў перспектыве ён стане адкрытым і для іх калегаў з іншых краінаў.

Пленэр завершыўся выніковым праглядам работ, на які прыехалі госці-мастакі. Сярод іх і старшыня журы Міжнароднага конкурсу жывапісу і графікі "На сваёй зямлі" мастак Леанід Гоманаў. Кожны мастак-педагог атрымаў дыплом аб удзеле ў пленэры.