У Мінску адктылася выстава мастака Леаніда Гоманава

Старшыня журы Міжнароднага конкурсу жывапісу і графікі “На сваёй зямлі”, беларускі мастак Леанід Гоманаў прадставіў свае работы на персанальнай выставе “Пейзаж бяз межаў”, што адкрылася 3 сакавіка ў Гарадской мастацкай галерэе Л.Шчамялёва.

Гэтая выстава – сваеасаблівая творчая справаздача мастака аб сваёй працы  за апошнія некалькі год. У экспазіцыі прадстаўлены каля 30 работ, што створаны падчас творчых пленэраў у Беларусі, Расіі, Украіне, Польшчы, Славакіі, Балгарыі, Гіспаніі.

Пейзажы Леаніда Гоманава лірычныя, пабудаваныя на каляровых нюансах, з дапамогай якіх мастак па-майстэрску перадае ледзь улоўныя станы прыроды.

Выстава будзе доўжыцца да 23 сакавіка.


Леанід Гоманаў – мастак, сябра Беларускага саюза мастакоў, сябра-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі культуры і мастацтваў, старшыня журы Міжнароднага конкурсу жывапісу і графікі “На сваёй зямлі. Акрамя жывапісу ён  працуе ў галіне плаката і кніжнай крафікі і з’яўляецца мастаком-афарміцелем альбома-каталога выставачных работ па выніках Міжнароднага конкурсу жывапісу і графікі “На сваёй зямлі”. Работы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музее сучаснага выяўленчага мастацтва, у прыватных галерэях і калекцыях многіх краін свету.