АнонсыПапулярнае |
ІІІ Міжнародны пленэр імя В. Шматава пачаў работу пад Мінскам
Пленэр пачаўся серыяй размоў і лекцый на тэму гісторыі Брагіншчыны. Першай пра свае ўражанні, цікавыя этнаграфічныя знаходкі, якія тычацца рэгіёна, расказала архітэктар-рэстаўратар Ганна Выгонная. Разам з ёй удзельнікі пленэра вызначылі межы Палесся, часткай якога з’яўляецца Брагіншчына, даведаліся трошкі пра этнаграфічныя экспедыцыі, якія праводзіліся ў 1960-я гады, пра своеасаблівы этнаграфічны запаведнік, якім з’яўляецца Палессе. Размову працягнуў гісторык з Санкт-Пецярбурга Антон Ввядзенскі, які паспрабаваў ў невялікім гадзінным аповедзе вызначыць адміністрацыйна-тэрытарыяльную прыналежнасць Брагіна у старажытнарускі перыяд (ІХ – ХІІІ стст.), значэнне тэрыторыі і асобных гарадоў сучаснай паўднёвай Беларусі ў Старажытнай Русі, а таксама дать уяўленне пра падзеі і дзеячоў таго часу. Немалую цікаўнасць мастакоў выклікала тэма развіцця хрысціянства, падзелу царквы на каталіцкую і праваслаўную і спробы іх аб’яднання. Даволі сур’ёзны і грунтоўны выступ па гэтай тэме быў падрыхтаваны магістрам філасофіі Анастасіяй Юнгіной. Выступ складаўся з дзвюх частак: першая была прысвечана фарміраванню хрысціянскай царквы і яе далейшаму падзелу, другая – спробам аб’яднання, стварэння ўній. Падчас выступу ўзнікла ажыўленая дыскусія пра спалучэнне хрысіянскай маралі з палітычнымі матывамі і дзеяннямі. Скончылася інфармацыйная частка характарыстыкай сялян паўднёвага ўсходу Беларусі, іх успрыняцця і адносінаў да рэвалюцыйных настрояў канца ХІХ – пачатку ХХ ст. Агляд гэтага перыяду ў гісторыі Ўсходняга Палесся прадставіў кандыдат гістарычных навук Аляксандр Гронскі. Не была абыйдзена ўвагай і яўрэйская тэма, што звязана з вялікай колькасцю яўрэйскага насельніцтва ў даваенным Брагіне. Аднак прадстаўлена яна была не аповедам і абмеркаваннямі, а невялікім утульным канцэртам Аляксея Жбанава – выканаўца яўрэйскіх песень на ідышы і ва ўласным перакладзе на беларускую мову. Кожная песня папярэджвалася невялікім уступам пра асаблівасці мовы ідыш і яўрэйскай культуры. На трэці дзень пленэра мастакі выправіліся ў Брагін, дзе і правядуць большасць часу, датыкнуцца да палескай прыроды, мясцовай атмасферы і створаць свае карціны, якія ў далейшым будуць прадстаўлены ў Брагінскім гістарычным музеі з карціннай галерэяй на выставе, прысвечанай 30-годдзю аварыі на Чарнобыльскай АЭС. |