На восеньскіх вакацыях прайшоў 2-гі пленэр-семінар для мастакоў-педагогаў

Удзельнікамі пленэра сталі 18 выкладчыкаў і студэнтаў з Мінска, Гомеля, Магілёва, Бабруйска, Быхава, Ліды, Мазыра, Нясвіжа і Навагрудка. Мастакі працавалі з с 25 па 31 кастрычніка ў горадзе Мазыры.

"Амаль ніхто з удзельнікаў пленэра ня быў раней у Мазыры, так што мы адкрылі для сябе гэты горад, узналі і палюбілі Прыпяць, – распавядае мастацкі кіраўнік пленэра Дзмітрый ПУХОЎСКІ. – Першыя халодныя дні ня збілі нашага азарту. Той, хто ня ходзіць на эцюды, наўрад ці зразумее шчасце гэтых гадзін стасавання з прыродай. Мы не толькі адпачылі пасля напруджанай першай чвэрці, але і напісалі шмат эцюдаў і замалёвак, што ў будучыні, магчыма, лягуць у аснову паўнавартасных карцін. А для студэнтаў гэта яшчэ і неацанімая магчымасць працаваць поплеч з дасведчанымі майстармі."

Мастакі шмат працавалі на гарадскіх вуліцах, на берагах Прыпяці, наведалі мужчынскі манастыр у Юровічах. Па вечарох за гарбатай удзельнікі пленэру размаўлялі пра мастацтва, дзяліліся педагагічным досведам, абмяркоўвалі напісаныя за дзень эцюды.

Таксама пленэрысты наведалі выставу дзіцячых работ ізастудыі "Старт". Кіраўнік студыі Вольга СУХАНІЦКАЯ не толькі брала ўдзел у пленэры, але і шмат зрабіла для таго, каб у гэты раз ён адбыўся менавіта ў Мазыры.  Ад экспазіцыі выставы ўсе мастакі былі ў захапленні і доўга распытвалі Вольгу пра сакрэты яе "педагагічнай кухні".

Ідэя арганізацыі пленэра для настаўнікаў мастацкіх школ падчас школьніх вакацый была агучана на 5-й Міжнароднай канферэнцыі мастакоў-педагогаў "Сучасная мастацкая адукацыя дзяцей і моладзі", што праходзіла ў лютым 2014 года. Прапанову падтрымалі дырэктары мастацкіх школ са многіх гарадоў Беларусі, і ўжо напрыканцы сакавіка 2014 года ў адукацыйным цэнтры Беларускага зялёнага крыжа адбыўся 1-ы Беларускі пленэр-семінар мастакоў-педагогаў.