«Перазоў стагоддзяў»: завершыўся 2-гі міжнародны пленэр праекта

Другі па ліку пленэр, прысвечаны падзеям Першай сусветнай вайны, праходзіў з 28 ліпеня па 9 жніўня ў адукацыйным цэнтры Беларускага зялёнага крыжа. Яго ўдзельнікамі сталі 24 мастака з Мінска, Магілёва, Гомеля, Навагрудка (Беларусь), Бранска, Валгаграда, Тулы (Расія) і Кіева (Украіна).

Як і ў мінулым годзе над тэмай праекта поруч працавалі і студэнты, і прафесійныя мастакі-педагогі. Удзельнікі праслухалі шэраг  лекцый гісторыкаў Аляксандра ГРОНСКАГА (Мінск, Беларусь) і Віктара АЎДЗЕЕВА (Масква, Расія), таксама адбылося некалькі музычна-літаратурных вечароў. Мастакі пісалі эцюды на тэрыторыі цэнтра, а таксама здзейснілі шэраг вандровак: наведалі музей Першай сусветнай вайны ў в. Заброддзе (Вілейскі район) і манастыр у в. Ляды (Смалявіцкі район), пісалі краявіды Вілейкі і Крэва.

Галоўнай падзеяй пленэра стала адкрыццё дзвюх выставаў: экспазіцыя жывапісных работ з леташняга пленэра адкрылася ў Вілейскім краязнаўчым музеі 2 жніўня, а 7 жніўня ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь у Мінску адбылося адкрыццё выставы графічных работ па матывах літаратурных твораў пра Першую сусветную вайну.

У апошні дзень пленэра прайшоў выніковы прагляд работ, падчас якога былі абраныя найбольш цікавыя творы для будучых выставаў. Бліжэйшая з іх мусіць адкрыцца цягам восені ў Мастацкім музеі імя П.Масленікава ў Магілёва.

Глядзець фотарэпартаж

МЫ ДЗЯКУЕМ УСІМ, ХТО БРАЎ УДЗЕЛ У ПЛЕНЭРЫ
АЛЬБО БЫЎ ДАЛУЧНЫ ДА ЯГО АРГАНІЗАЦЫІ!