Адразу тры выставы адкрыюцца падчас 5-й Міжнароднай канферэнцыі мастакоў-педагогаў

У галерэі “Прырода і творчасць” Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства будуць прадстаўленыя жывапісныя, графічныя і пленэрныя работы вучняў і выкладчыкаў мастацкіх навучальных устаноў з Беларусі, Літвы, Расіі, Украіны і іншых краін. Адкрыццё выставаў адбудзецца 5-га лютага а 13.00.

Першая выстава прадставіць дзіцячую графіку з фонду Міжнароднага конкурсу “На сваёй зямлі”. Гэта работы пераможцаў з мастацкіх школ і студый Беларусі, Індыі, Казахстану, Кітаю, Польшчы, Расіі, Сербіі, Славакіі, Славеніі, Турцыі і Украіны, выкананыя ў разнастайных графічных тэхніках.

Экспазіцыя другой распавядзе пра вынікі пленэру, што адбыўся ў жніўні 2013 года ў межах Міжнароднага культурна-асветніцкага праекта “Перазоў стагоддзяў: Першая сусветная вайна і мір сёння”. На пленэры поплеч працавалі студэнты і выкладчыкі мастацкіх вучэльняў і універсітэтаў Беларусі, Расіі і Украіны.

Трэцяя выстава прадставіць жывапісныя работы вучняў і выкладчыкаў Каўнаскай мастацкай школы (Літва). На адкрыцці будуць прысутнічаць госці з Каўнаса: дырэктар школы Нерынга ШУПІНСКЕНЭ і два яе калегі-выкладчыкі.

Усе тры выставы аб’ядноўвае адная мэта: пазнаёміць гледачоў са своеасаблівасцямі адукацыйных традыцый мастацкіх школ розных рэгіёнаў і краін.