Міжнародныя грамадска-навуковыя чытанні ў межах праекта «Перазоў стагоддзяў» адбыліся 17-18 кастрычніка

У зале Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С.Пушкіна сабраліся самыя розныя людзі – дактары навук з буйных універсітэтаў, сціплыя настаўнікі з маленькіх школак, журналісты, навуковыя супрацоўнікі музеяў, бібліятэкары, выдаўцы, мастакі, акторы.

Усіх прывяла сюды вялікая цікавасць да тае эпохі. Гісторыя Першай сусветнай, асэнсаванне падзей таго часу ў філасофіі, літаратуры і мастацтве розных краін далі нагоду для сур'ёзных развагаў пра законы канструявання культурна-гістарычнай памяці ў соцыюме.

Адкрылі грамадска-навуковыя чытанні кіраўнік Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Мінску Віктар МАЛАШАНКА і дырэктар ГА «Беларускі зялёны крыж» Уладзімір ШАЎЦОЎ. Таксама ўдзельнікі чытанняў пачулі прывітальнае слова ад імя намесніка Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Васілія ЧЭРНІКА.

Культурна-асветніцкі праект «Перазоў стагоддзяў: Першая сусветная вайна і мір сёння» прадставіла яго кіраўнік – Наталля СВЯТКІНА. А затым адбыўся прэм'ерны паказ фільма, прысвечанага стагоддзю з пачатка Першай сусветнай вайны. Яго аўтарам Вользе СВІРЫДАВАЙ і Сямёну ШАЎЦОВУ ўдалося сродкамі кінематографа задаць атмасферу і філасоўскі настрой усіх дальйшых выступаў.

Першы дзень чытанняў быў прысвечаны пераважна падзеям Першай сусветнай вайны і яе слядам на беларускіх землях. Аднак пачалася размова з агульных пытанняў –  дакладаў Ірыны КЛЯЦКОВАЙ пра праблемы канструявання культурна-гістарычнай памяці, Віктара АЎДЗЕЕВА (Масква) пра знешнюю палітыку царскай Расіі і даклада Уладзіміра ШУЛЬГІНА (Калінінград) пра духоўныя перадумовы Першай сусветнай вайны.

Затым Вячаслаў БАНДАРЭНКА (Мінск) і Людміла ТОМЧЫК (Магілёў)  распавялі пра бітвы на терыторыі Беларусі і пра Царскую стаўку, што месцілася ў тыя гады ў Магілёве.

Маўчалівым сведкам тых падзей, што захаваліся на беларускай зямлі да нашых дзён, былі прысвечаны даклады Уладзіміра БАГДАНАВА (Мінск) і Барыса ЦІТОВІЧА (Вілейка).Гэтыя даклады знайшлі жывы водгук ў кожным з прысутных – столькі болю за знікненне с твару зямлі помнікаў, магіл, ваенных збудаванняў гучала ў кожным слове прамоўцаў.

Вельмі эмацыйным і кранальным быў аповед Раісы АЎЧЫННІКАВАЙ, дачкі ўдзельніка Першай сусветнай вайны.

Завершыўся першы дзень выдатным літаратурна-музычным мона-спектаклем «Тое, што я хачу сказаць» Алы БЯЛЯЎСКАЙ, пабудаваным з вершаў і рамансаў часоў Першай сусветнай вайны.

Другі дзень чытанняў быў прысвечаны асэнсаванню падзеяў "Вялікай вайны" ў літаратуры і мастацтве розных краінаў. Пра адлюстраванне гэтай трагедыі ў нямецкай, ангельскай, рускай і беларускай літаратурах распавялі Ева ЛЕОНАВА (Мінск), Таццяна КАМАРОЎСКАЯ (Мінск), Анатоль ІВАНОЎ (Тамбоў). Пра тое, як раскрываецца англійскій менталітэт праз канцэпт «вайна», паведала прысутным Наталля ШМІДТ (Чалябінск).Вельмі эмацыйны даклад пра ўплыў літаратуры на фарміраванне гісторыка-культурнай памяці зачытала Марына ВОЛКАВА (Чалябінск).

Аддзел інфармацыі, адукацыі і культуры Амбасады ЗША ў Рэспубліцы Беларусь прадставіў увазе ўдзельнікаў чытанняў цікавую выставу амераканскіх плакатаў часоў Першай сусветнай вайны.

Са своеасаблівым падарункам для ўдзельнікаў мерапрыемства завітаў Тэатр-студыя «Клас-А!» (рэжысёр Таццяна ШЫЛАВА, Мінск) - паэтычнай кампазіцыяй «Не пра Лермантава…». Юныя акторы, аднагодкі тых хлопчыкаў, якія змагаліся і загінулі на палях Першай сусветнай вайны, ажывілі вершы Гумілёва, Блока, Маякоўскага і іншых паэтаў, якія з болем пісалі пра вайну 100 год таму.

Моцнае ўражанне на ўдзельнікаў чытанняў зрабіў выступ Клуба традыцыйнага спеву «Дунай» пры Студэнцкім этнаграфічным таварыстве – маладыя хлопцы, якія займаюцца адраджэннем народнага мужчынскага спеву, выканалі шэраг народных рэкруцкіх песень.

Дзень завершыўся круглым сталом, за якім былі падведзены папярэднія вынікі пачутага, пабачанага і адчутага за гэтыя, так хутка мінуўшыя, два дні. І, безумоўна, галоўным вынікам стала патрэба далей, яшчэ і яшчэ, узгадваць і асэнсоўваць гэтыя вялікія падзеі.

Глядзець фотарэпартаж

На старонцы нашага праекта https://www.facebook.com/Dialogue.of.Centuries можна будзе праглядзець відэазапісы некаторых лекцый і выступаў.