У Мінску прайшла 4-я Міжнародная канферэнцыя мастакоў-педагогаў

Больш за 100 спецыялістаў у галіне культуры і мастацкай адукацыі з Беларусі, Вергрыі, Германіі, Расіі, Украіны і Чэхіі ўзялі ўдзел ў Міжнароднай канферэнцыі мастакоў-педагогаў «Сучасная мастацкая адукацыя дзяцей і моладзі», што праходзіла з 6 па 8 лютага ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Праграма канферэнцыі ўтрымлівала даклады, прысвечаныя сучаснай мастацкай адукацыі, прэзентацыі мастацкіх навучальных установаў з розных краін, а таксама міжнародных конкурсаў і праектаў.

Глядзець праграму канферэнцыі…

Вострую дыскусію справакаваў даклад мастацтвазнаўцы Лідзіі ІШКОВАЙ (Валгаград, Расія), якая выступала ў ролі эксперта, назіраўшага за працай журы 8-га Міжнароднага конкурсу жывапісу і графікі «На сваёй зямлі». Яна падзялілася з удзельнікамі канферэнцыі сваімі назіраннямі пра тое, як дзеці спраўляюцца з тэмамі конкурсу, якія тэмы знаходзяць жывы водгук у работах удзельнікаў конкурсу, а якія апынуліся надта складанымі. Падрабязна Лідзія Леанідаўна спынілася на тым, якімі якасцямі, на яе думку, мусіць валодаць работа, якую адпраўляюць на конкурс. Бо па конкурсных раотах можна меркаваць пра тое, як працуе педагог з дзецьмі і наколькі сур’ёзна ён ставіцца да конкурса. Асабліва вылучыла яна праблему плагіята, якая, на жаль, штогод сустракаецца на конкурсе.

У другі дзень канферэнцыі адбыўся майстар-клас «Мастак у майстэрні. Кампазіцыя з фігурай у інтэр’еры», які праводзіла для калег выкладчык школы мастацтваў «Эрмитаж»
пры Цэнтры рускай культуры WELT-МИР Лора ШЛЕЕ (Берлін, Германія).

Удзельнікі канферэнцыі наведалі некалькі выставаў дзіцячага выяўленчага мастацтва: Міжнародную выставу дзіцячага выяўленчага мастацтва «Лідзіцэ»(Чэхія), выніковую выставу І Міжнароднага конкурсу імя  М.В. Несцерава (Уфа, Башкартастан, Расія), а таксама выставу народных студый Нацыянальнага цэнтра мастацткай творчасці дзяцей і моладзі.

Завершыў афіцыйную праграму канферэнцыі круглы стол «У цэнтры ўвагі – дзіцячы малюнак», які прайшоў у Расійскім цэнтры навукі і культуры ў Мінску. Падчас яго ўдзельнікі канферэнцыі дзяліліся ўражаннямі ад выставаў, а таксама абмяркоўвалі пытанні, што былі закранутыя ў дакладах падчас канферэнцыі.

Глядзець фотарэпартаж пра канферэнцыю…