VII Міжнародная выстава “На сваёй зямлі” адкрылася 19 красавіка ў Мінску

Сёлета ў экспазіцыі прадстаўлена 486 работ з 15 краін: Арменіі, Беларусі, Балгарыі, Грузіі, Инданэзіі, Індыі, Ірана, Казахстана, Кітая, Латвіі, Польшчы, Расіі, Таіланда, Турцыі і Украіны. І, як звычайна, усе работы не здолелі змясціцца ў адной выставачнай зале.

Першая частка экспазіцыі адкрылася ў Рэспубліканскім экалагічным цэнтры дзяцей і юнацтва. Таксама тут адбылася цырымонія ўзнагароджання. На ўрачыстае мерапрыемтсва сабраліся пераможцы конкурсу і прадстаўнікі мастацкіх школ і студый з усёй Беларусі. Таксама сёлета мы віталі педагогаў з Украіны, з гарадоў Чарнігава і Нежына. Зала ледзь змесціла ўсіх, хто прыехаў.

Пераможцаў конкурсу павіншавалі старшыня аргкамітэта конкурсу і дырэктар Беларускага зялёнага крыжа Уладзімір ШАЎЦОЎ, старшыня журы конкурсу і сябра Беларускага саюза мастакоў Леанід ГОМАНАЎ, а таксама дырэктар Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Мінску Віктар МАЛАШЭНКА.

Другую частку выставы, што месціцца ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” адкрыў рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Барыс СВЯТЛОЎ. Утульныя залы галерэі віталі гасцей выставы пад музыку ўжо добра знаёмага многім удзельнікам конкурсу музычнага гурта “Vuraj”.

Разам з дыпломамі і медалямі пераможцы конкурсу атрымалі кнігі па мастацтве і паштоўкі з ілюстрацыямі Марка Шагала да паэмы Гогаля “Мёртвыя душы” – маленькія сувеніры з нагоды 125-х угодкаў ад народжання славутага віцебскага мастака. Педагогі таленавітых юных мастакоў атрымалі альбомы-каталогі “На сваёй зямлі” і кнігі па мастацтве для сваіх школ і студый.

Павіншаваць гасцей са святам прыехалі таксама вучнёўскі калектыў мінскай дзіцячай музычнай школы №8 і клоун Вінцік з фокусамі, гульнямі, мыльнымі бурбалкамі і сапраўднай шыншылай.

Глядзець фотарэпартаж...

Выстава ў абедзьвюх залах будзе працаваць да 5 траўня.

ЯШЧЭ РАЗ ВІНШУЕМ ПЕРАМОЖЦАЎ КОНКУРСУ І ЗАПРАШАЕМ УСІХ НАВЕДАЦЬ ЭКСПАЗІЦЫЮ!

 


Шчыра дзякуем Расійскаму цэнтру навукі і культуры ў Мінску і Дзяржаўнаму Эрмітажу Санкт-Пецярбурга за падарункі для пераможцаў конкурсу.