Падводзім вынікі конкурсу: 486 твораў з 15 краін будуць прадстаўлены на выставе ў Мінску

VII Міжнародная выстава жывапісу і графікі “На сваёй зямлі” адкрыецца 19 красавіка ў 11.00 у выставачнай зале Рэспубліканскага экалагічнага цэнтра дзяцей і юнацтва (вул. Макаёнка, 8) і ў 16.00 у мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” (Кастрычніцкая пл., 1).

У дзень адкрыцця выставы у Рэспубліканскім экалагічным цэнтры дзяцей і юнацтва адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў VII Міжнароднага конкурсу жывапісу і графікі “На сваёй зямлі”.

Экспазіцыя выставы чарговы раз дакажа вам, што мастацтва – гэта справа не толькі дарослых. Няхай аўтары пакуль не ведаюць, што такое “канцэптуальная творчасць”, няхай у работах пануюць простыя і зразумелыя кожнаму будзённыя сюжэты: родны дворык, бабуліна лецішча, сямейная гарбата з торцікам, лепшая сяброўка, новы ровар, улюблёны занятак…

Але калі ў малюнку выразна выяўлена ідэя і таленавіта знойдзена мастацкае рашэнне, калі ў ім усё гарманічна – прысутнічае каларыт, пластыка выяўляемых прадметаў, вытрымана кампазіцыя, – калі ёсць жыццё і нейкая надзвычайная сіла, здольная ўздзейнічаць на гледача, – хіба ж гэта не ёсць сапраўднае мастацтва? І не мае значэння, колькі год аўтару – сем ці семдзесят.

Багатая палітра твораў захапляе шчырасцю эмоцый, чаруе непаўторным каларытам далёкіх і блізкіх мясцін, уражвае разнастайнасцю мастацкіх тэхнік і прыёмаў. Аўтары работ – мастакі самых розных узростаў: ад 3-4 гадовых дзетак, да тых, хто ўжо навучаецца ў мастацкіх вучэльнях альбо вышэйшых навучальных установах і робіць першыя самастойныя крокі ў мастацтве.

Гэткі збор работ нагадвае сваеасаблівае падарожжа ў часе, што распавядае, як мастак робіцца мастаком: як знаёміцца з формай і колерам, спасцігае сакрэты рамяства, пакрысе сталее, як мяняюцца ягоныя цікаўнасці, кшталтуюцца мастацкія навыкі, ўсё больш яскрава і дакладна афармляецца ў работах уласнае мастацкае выказванне. І усё яшчэ толькі наперадзе, а пакуль – толькі прага да творчасці, толькі захопленасць дзеяй, і мастацтва – як невытлумачальны цуд, праз які адкрываецца свет.

САРДЭЧНА ЗАПРАШАЕМ УСІХ НА ВЫСТАВУ!

 

За дадатковай інфармацыяй звяртайцеся па тэлефоне +375 29 627 79 23 ці па электроннай пошце This e-mail address is being protected from spambots. You need JavaScript enabled to view it. (Юлія Русланаўна Серада).


Выстава будзе працаваць у абедзьвюх залах з 19 красавіка да 5 мая.