АнонсыПапулярнае |
Конкурс «На сваёй зямлі» прэзентуе работы юных талентаў
У гэтым годзе выстава прэзентуе не толькі вынікі конкурсу, але і погляд экспертаў з розных краін на дзіцячую творчасць. Восем міні-выстаў, якія складаюць аснову ўсёй экспазіцыі, былі сфарміраваны экспертамі з Беларусі, Расіі, Кітая, Балгарыі, Украіны, Румыніі, Польшчы і Літвы. Сярод дзіцячых малюнкаў, адабраных асобнымі экспертамі, ёсць як работы пераможцаў конкурсу – лаўрэатаў з медалём, лаўрэатаў і дыпламантаў, так і работы, якія ніяк не былі адзначаны журы. Такі эксперымент праводзіўся ўпершыню і быў накіраваны на тое, каб адлюстраваць падабенства і розніцу ў поглядах мастакоў-педагогаў з розных краін на дзіцячую творчасць. Кожны эксперт пры адборы арыентаваўся на штосьці сваё. Напрыклад, кітайскія эксперты дакладна вызначылі свае крытэрыі – арыгінальнасць, эмацыянальнасць, цэльнасць і валоданне тэхнічнымі навыкамі, Альдона Калуцка з Польшчы звяртала ўвагу на цікавыя эксперыменты, балгарскі эксперт Іван Стаянаў шукаў сярод іншага і адбіткі нацыянальных традыцый. Работы юных мастакоў прыцягваюць арыгінальнасцю стварэння мастацкіх вобразаў, наіўнасцю інтэрпрэтацыі рэальнасці, фантазійным успрыманнем свету. «Наведваць выставы дзіцячай творчасці карысна, каб не загразнуць у праблемах нашага свету. Бо дзіцячыя малюнкі – гэта акно ў той чысты наіўны свет, які для нас, дарослых, ужо недасягальны», – лічыць Ягор Батальёнак, мастак-жывапісец, сябра Беларускага саюза мастакоў, сябра журы конкурсу «На сваёй зямлі» з 2006 па 2017 гады. Трэба зазначыць, што арганізатары выставы і конкурсу «На сваёй зямлі» за 20 гадоў сабралі вялікую калекцыю дзіцячай творчасці – больш за 40 тысяч работ з 57 краін свету. Гэтым годам яна папоўнілася яшчэ на 1500 твораў юных мастакоў. – Дзіцячыя малюнкі адрозніваюцца сваім чыстым і яскравым поглядам на свет, асаблівым наіўным дзіцячым бачаннем прыгажосці, – гаворыць Уладзімір Шаўцоў, дырэктар ГА «Беларускі зялёны крыж», старшыня аргкамітэта конкурсу «На сваёй зямлі». – Вось гэтай прыгажосцю, энергіяй і сілай дабрыні мы хочам падзяліцца з усімі, дарослымі і дзецьмі. Гэта тое, над чым працуе наш конкурс! Міжнародны конкурс і выстава жывапісу і графікі «На сваёй зямлі» былі заснаваны грамадскай арганізацыяй «Беларускі зялёны крыж» сумесна з Міністэрствам адукацыі, Міністэрствам культуры і Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь у 2006 годзе. Выстава працягнецца да 25 красавіка. Адрас галерэі: г. Мінск, Кастрычніцкая пл., 1 Уваход вольны Дадатковая інфармацыя Юлія Жукоўская E-mail: This e-mail address is being protected from spambots. You need JavaScript enabled to view it. Для СМІ: This e-mail address is being protected from spambots. You need JavaScript enabled to view it. Internet: children-art.org
|