У Мінску адкрылася выстава творчых работ вучняў Гунэфы Мацюшэнкавай

Экспазіцыю выставы склала больш за 150 вучэбных і выпускных работ з фондаў Слуцкай дзіцячай мастацкай школы, ў якой Гунэфа Мацюшэнкава ўжо больш за 25 год выкладае кампазіцыю.

Адкрыццё выставы адбылося 9 лютага падчас ІІ Міжнароднай канферэнцыі мастакоў-педагогаў “Сучасная мастацкая адукацыя дзяцей і моладзі”.

Работы, што складаюць выставу, здзіўляюць і уражваюць багатым каларытам, складанасцю кампазіцыі, узвышанасцю і сур’ёзнасцю думкі. Гэта падарожжа у “краіну фантазіі”, нестандартны погляд на рашэнне тэмы, гарманічнае дэкаратыўнае спалучэнне колеру і тэхнікі, індывідуальны падыход аўтара да крытэрыяў мастацкасці работы і, безумоўна, пастаянны пошук самога сябе.

Выстава стала яркім эпізодам канферэнцыі. Госць з ЗША, мастак-ілюстратар сп. Джон Мут, пазнаёміўшыся з экспазіцыяй, сказаў, што жадаў бы забыцца на ўсё, што ўжо ведае, і пайсці вучыцца да Гунэфы Мацюшэнкавай.

Выстава будзе працаваць да 25 лютага ў галерэі Рэспубліканскага экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі.


Гунэфа Мацюшэнкава – мастак, выкладчыца кампазіцыі Слуцкай дзіцячай мастацкай школы. Узнагароджана шматлікімі дыпломамі як кіраўнік конкурсных работ на розных міжнародных конкурсах, у тым ліку конкурсе “На сваёй зямлі”.